Кахаць нарцыса – небяспечна!
Адкуль яны — нарцысы? Што ім трэба? Як пазнаць іх сярод людзей, каб не трапіць у іх пастку, і што рабіць цяпер, каб выбрацца адтуль з найменьшымі душэўнымі стратамі? Шмат пытанняў, якія неміласэрдна свідруюць мозг, і ніводнага адказу. Выйсця няма. Ёсць пачуцці, якія нельга перамагчы, і незагойная рана, якая крываточыць пры кожным успаміне аб тым, что ледзь не адбылося.
А пачыналася ўсё цікава і рамантычна. “Ён разумны, і мілы, і ветлівы, і прывабны, нібы з вокладкі глянцавага часопіса, што друкуе артыкулы пра зорак шоу-бізнесу. У яго няма недахопаў! Ён мужчына маёй мары!” – так думала яна пасля чарговай сустрэчы з тым, хто ўсё часцей займаў сабою ўсе яе думкі. Срэбныя павуцінкі “бабінага лета”, быццам пагаджаючыся з яе летуценнямі, ласкава і ледзь прыкметна краналі вусны, якія шапталі песню апошняга кахання. Саромячыся самой сябе, яна прыхоўвала гэтыя новыя пачуцці, з асалодай адчуваючы, як з кожным днём усё больш пападае ў іх палон. Здаецца, ніхто ніколі не гаварыў ёй таго, што сказаў за некалькі дзён гэты хлопец, здаецца, не было ў яе нязграбным жыцці нічога больш жаданага, чым гэтыя скупыя хвілінкі крадзенага шчасця. Але яна нават памарыць як след не паспела, калі прыляцела навіна: недзе за межамі яе маленькага свету жыве тая, каму шчодра дарыць ён цёплыя словы, і жэсты, і ўсмешкі.
Крадзенае шчасце паменшылася ў памерах і неяк зжалася. І хоць вусны, як і раней, ўсміхаліся, калі яна ішла ў наступны раз насустрач свайму апошняму каханню, але ў вачах быў вялікі сум, які шэрай плямай разліваўся ў душы і змрочваў былую радасць. Толькі ён не заўважыў гэтых відавочных змен. Ён таксама лашчыў яе слых прыемнымі словамі, дарыў добры настрой і веру ў сябе. А гэта не так і мала, каб пагадзіцца з нейкімі недарэчнасцямі жыцця і заплюшчыць вочы на недасканаласць адносін. І яна пагадзілася, задушыўшы ў сабе брыдкую пачвару з іменем рэўнасць.
Неўзабаве сарока не хвасце прынесла новае адкрыццё. Яна нават не заўважыла, як слізкім халодным вужом яно запаўзло ёй у душу. Толькі цяпер яна ведала дакладна: цудоўныя словы, і жэсты, і ўсмешкі ён дарыць і іншым, а яна – не адзіная і нават не другая ў шэрагу тых, каму перападае гэты нектар. Несцярпімы боль сціснуў сэрца, а душа паляцела ў калодзеж роспачы і адчаю.
–Навошта ж гэтак? – дапытвалася яна, гледзячы на сваё адлюстраванне ў шафе. – Калі любіш, хіба станеш яшчэ кагосьці шукаць?
–Калі любіш толькі сябе, то так! – жорстка адказаў ёй уласны ўнутраны голас, і пазлы склаліся ў ясны малюнак: яе паветрам, сэнсам яе жыцця, яе марай доўгімі бяссоннымі начамі стаў звычайны нарцыс, які, падобна герою антычнасці, любіў толькі сябе.
У сеціва яго абаяння яна трапіла з першых хвілін знаёмства, не разумеючы, што нарцысы заўсёды ствараюць толькі залежныя адносіны. Дзякуючы сваёй прывабнасці, адкрытасці і пяшчоце, яны з лёгкасцю ўваходзяць у давер і заваёўваюць любоў – так мягка сцелюць, што “ахвяра”
нават не заўважае, як пападае ў палон. Яго уладу над сабой яна адчуе толькі тады, калі зразумее, што не можа дыхаць без водару гэтай чароўнай кветкі. А нарцысам толькі тое і трэба, ім жыццёва неабходна, каб імі захапляліся, каб партнёр стаў своеасаблівым люстэркам, у якім нарцыс мог бы любавацца сваімі дзеяннямі, як любуецца сваёй знешнасцю, гледзячы ў вітрыны магазінаў або ў люстра на сцяне. Сваю выключную асобу нарцыс заўжды будзе ставіць на першае месца, і для сваіх сузалежных партнёраў ён таксама стане персонай нумар адзін у свеце. А кахае ён толькі на словах, вабіць тым, што яго ўвага будзе аказвацца і ў далейшым, сам жа сілкуецца энергіяй тых, хто, забыўшы пра сябе, яго безаглядна і безрассудна кахае. Ён будзе зваць вашы адносіны вольными стасункамі. Але ягоныя прынцыпы пра вольнае каханне – гэта толькі апраўданне ўласнай бездапаможнасці і баязлівасці. Не жадаючы паказаць гэта наваколлю, нарцыс хавае ад усіх свае сапраўдныя пачуцці, а калі камусьці атрымоўваецца разгадаць хоць маленькую таямніцу яго самалюбівай душы, такія стасункі становяцца небяспечнымі. Цяпер ужо тыя, што побач, павінны заслужыць іх павагу, а для гэтага трэба будзе абавязкова ахвяраваць сабой! Для “ахвяры” такога кахання гэты шлях абернецца знясіленасцю і адзінотай. А душэўны адпачынак яна знойдзе, як не дзіўна, побач … са сваім нарцысам, нават не здагадваючыся, што паўтарае лёс міфічнай німфы Рэха – быць адрынутай, нябачнай і непачутай.
Комментарии
Отправить комментарий