Хто возьме твой боль
Боль… Нібы званочак,
мілагучна і ласкава гучыць гэтае слова. Празрыстае, як ільдзінка, яскравае,
нібы крышталь, яно быццам насмяхаецца над табой, бо, нібы наперакор сваёй
мілагучнасці, стварае той жудасны стан, які часам становіцца проста
невыносным...
Боль фізічную да пэўнага
моманту можна цярпець. Калі ж яна пераходзіць мяжу, ты імгненна правальваешся ў
цемру непрытомнасці і ўжо не адчуваеш, як нейкі кавалак твайго цела крычыць аб
сваёй бядзе. А калі едкі пах нашатыру вяртае
цябе да рэчаіснасці, то ў першыя секунды ты, можа, нават не разумееш, што
адбываецца, і глядзіш, як на чужую, на
ўласную нагу, якая вывернута чамусьці ў іншы бок. Далей будзе “хуткая дапамога”
і "чароўны" ўкол, які хоць на некаторы час спыніць гэтае пекла.
Куды складаней з душэўным
болем, ад якога крываточыць душа і сэрца заходзіцца ў амаль што фізічных пакутах.
Крыўда, здрада, расчараванне, адзінота – гэта боль, які ты церпіш і сцяўшы зубы
ідзеш, нібы па багне, правальваючыся ўсё глыбей ў чорны вір сваіх жыццевых няўдач.
Табе вядома гэтае
становішча? Ты таксама жывеш у ім апошнія некалькі дзён? Ці вандруеш туды час
ад часу, калі раптам ўсё навокал становіцца
змрочным і шэрым? А ці думаеш ты, чым абернецца для цябе гэты стан? Нас
прывучылі думаць, што нашы эмоцыі не маюць значэння. Зламаў нагу – гэта бяда, а
калі табе проста сумна – глупства, і нават сорамна скардзіцца на такое. Аднак, на самай справе, душэўны боль значна
больш небяспечны, чым фізічны: нага апранецца ў мрамарны гіпс і хутка зажыве, а
што залечыць душэўныя раны?
На жаль, ніхто не вучыць
нас, як спраўляцца з душэўным болем. Таму кожны чалавек сам вымушаны шукаць для
сябе выхад. Адны паспрабуюць схаваць
гэты боль глыбей. Другія будуць лямантаваць,
біцца, ламаць рэчы, біць посуд. Трэція – проста пакутаваць і трываць. Хтосьці ў сваіх намаганнях перабіць гэты боль
іншымі моцнымі эмоцыямі пусціцца «ва ўсе цяжкія», выбіраючы для сябе экстрэмальныя
забавы альбо мяняючы адного за адным палюбоўнікаў. Хтосьці, каб забыцца,
працягне руку да алкаголю і наркотыкаў. У
самых цяжкіх выпадках справа можа дайсці нават да крыміналу, калі чалавек
пачынае «помсціць свету» за свае абразы і боль. Але гэта не той шлях, які трэба
абраць, бо вырашэнне праблемы на ім вас не чакае. Невыплаканы боль наносіць
шкоду духоўнаму, а затым і фізічнаму здароўю. Ен падобны гнілі. Спрабуючы
пахаваць яго глыбей у сабе, вы ўсё роўна што хаваеце тухлае мяса пад сваей
падушкай. Кожны раз дадаеце па кавалачку... А праз некаторы час.... Не праўда,
агідна? А ў выпадку з душэўным болем падобны працэс адбываецца ўнутры вас і
атручвае ваша жыцце новым стрэсам.
На адвечнае пытанне “што
рабіць?” у такіх абставінах я ведаю толькі адно выйсце: знайсці таго, хто
сцішыць гэты боль. Як сухой зямлі патрэбен дождж, каб пусцілі парасткі кінутыя ў глебу зярняты, так і чалавеку трэба
чалавек, які ў
цяжкія моманты пацікавіцца
здароўем або настроем, раздзеліць з табой напалам кубачак цёплай кавы, патэлефануе, каб пачуць твой голас ці
паслухаць дыханне, проста ўсміхнецца,
сеўшы побач, і стане сродкам вызвалення ад душэўнага болю. Мой вызваліцель у маім сэрцы, і я адчуваю, як адыходзіць боль.
Комментарии
Отправить комментарий