Жаданні, якія руйнуюць нас

У нядзелю зранку ў краме адбыўся  “канцэрт”. Спачатку маленькі артыст быў у добрым настроі і круціўся каля  бацькоў, цярпліва чакаючы, пакуль тыя зробяць неабходныя пакупкі. Раптам у суседнім аддзеле  дзіця заўважыла  цацку сваёй мары і накіравалася туды. Праз хвіліну хлопчык ужо  пакаваў у  спажывецкі кошык  нейкага чорна-чырвонага  волата з рукамі, таўсцейшымі за талію. На жаль,  бацькі яго  думку не раздзялялі, і  волат з кошыка вярнуўся на паліцу. Надуўшы губы, дзіця замахнулася на маці, якая не пажадала  купіць яму чорна-чырвоную мару, і ціха  заскуголіла. Штосьці сказаў незадаволенаму сыну бацька, на што маленькі тэрарыст гучна  прагаварыў: “Купііі!”.  Як падзейнічалі татавы ўгаворы, паказала наступнае аддзяленне “канцэрту”: дзіця ўжо  не скуголіла і не патрабавала, а  выкрыквала агідныя словы ў адрас бацькоў і  рыдала, нібы па ўмерламу.  Скончылася ўсё тым, што разгубленая маці хучэй пацягнула сына за руку ў бок касы, а ззаду, падганяючы жалобную працэсію, з кошыкам, ў якім не было волата, ішоў бацька. Здаецца, настаў час паразважаць аб асаблівасцях выхавання, але думкі рушылі ў іншым накірунку.

Дзіця, якому не дазволілі атрымаць жаданае, вельмі востра перажывае гэта. А што робіцца ў душах  дарослых, калі яны вельмі чагосьці хочуць, але не атрымліваюць жаданага? Як паводзіць сябе наша ўнутранае дзіця, калі лёс не дае здзейсніць мару? Ціха ные ці б’ецца ў істэрыцы?
Штодня  мы чагосьці жадаем: "Хачу адносін толькі з годным мужчынам!", "Хачу толькі цікавую і грашовую працу!", "Толькі Мэрсэдэс і нічога другога!", "Мне патрэбныя толькі першыя месцы, на меншае не згодны!". Жаданні амбіцыёзныя, але для іх здзяйснення ў нас часта не хапае грошай, недастаткова навыкаў, невысокая канкурэнтаздольнасць ці іншыя прычыны.  Канешне, мы не падаем, як дзеці, з крыкамі: "Хачууу!" на падлогу, але  ўсярэдзіне адбываецца амаль такі  ж бунт, як у магазіне.
Часам і мой унутраны свет становіцца полем бою  паміж амбіцыямі, патрабаваннямі да знешняга свету і рэальнымі магчымасцямі або стаўленнем навакольных людзей. Калі перамогу атрымлівае рэчаіснасць, на душы з’яўляецца  рана. Амбіцыі крываточыць: "Хачу, а мне гэтага не даюць! А адмовіцца не магу!". І мой боль  не адзіны ў свеце. Побач са мною  ідуць тыя людзі, якія чакаюць свайго "прынца" або "тую самую" і на меншае не згодныя. У тым жа шэрагу - ўсё мужчыны, якія ляжаць на канапе ў чаканні "годнай іх" працы і зарплаты. Гэта ўсе жанчыны, заклапочаныя уласнай годнасцю, таму што яны быццам “вартыя большага і кропка!".  І пакуль наш унутраны хлопчук б’ецца ў істэрыцы,  да нас ціха падбіраецца няўроз!

Часам  бойку вядуць між сабой мае ўласныя  жаданніі і абавязкі, калі я не  магу выбраць паміж "хачу" і "трэба". У такія часы побач са мною нябачна крочаць  іншыя людзі з праблемай выбару, з пошукам правільнага рашэння, са страхам памыліцца, жанчыны, што кідаюцца паміж мужам і палюбоўнікам, творчыя асобы, што разрываюцца паміж нялюбай працай і любімым захапленнем. Хлопчык ўсярэдзіне пакрыквае, а мы ўпадаем у дэпрэсіўны стан і шукаем паратунак у аптэках.
Часам канфлікт узнікае паміж уласнымі магчымасцямі і ўзятымі на сябе абавязкамі. "Я хачу гэта рабіць, але не магу!" - кажуць людзі з такой супярэчнасцю. Гэта адбываецца тады, калі чалавек цягне на сваім "гарбу" сям'ю, працу, сяброў, актыўна ва ўсім удзельнічае і скардзіцца, што ён не ўсё з гэтага паспявае. Ён сам бярэ на сябе адказнасць, але не разлічвае сіл. Наш унутраны хлопчык пры гэтым жалобна скуголіць, а ў нас на тварах з’яўляецца пячатка смутку і незадавальнення.
Мэты, планы, жаданні - усё гэта вельмі добра, калі мы здольны дабіцца жаданага. Але што рабіць, калі нашы  мэты труднадасягальныя?  Выйсце падказвае розум. Часам трэба назапасіцца цярпеннем і працаваць над сабой. Часам - уключыць здаровы сэнс і знізіць амбіцыі і патрабаванні да наваколля. А ад чагосьці рашуча  адмовіццаь назаўжды. Таму што жаданні, якія не спраўдзіліся, - гэта пекла, ад яго жару ў нас абуджаецца тое ўнутранае дзіця і ладзіць у душы “канцэрт”, падрываючы здароўе, расхістваючы нервы. 

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Избавление от иллюзий

Надежда