Безназоўнае


Сыпле з раніцы дождж і даволі густы. Восеньскае надвор’е агортвае душу сумам.  Разам з  дажджом хочацца плакаць. Аб чымсьці мінулым, няздзейсненым,  але да болю жаданым. Смутак мацней хапае за горла, па кроплі выдушваючы вільгаць з вачэй. А  ты шукаеш вінаватых. “Гэта нудны восеньскі дождж  змывае  ўспаміны аб шчаслівых імгненнях сонечнага лета.  Дробны, як пыл,  ён адбірае апошнюю радасць…  ”, – думаеш ты і адчуваеш, што цябе ужо амаль няма ў гэтым свеце. Толькі дождж, дождж і дождж...
Але дождж не вінаваты. Ён сыпле для таго, каб ты ўзгадала сонечны ліпень, буйства фарбаў, духмяныя кветкі, смарагдавую траву. А можа ён загадвае табе нарэшце спыніцца і сказаць:"Давай пагаворым". І  за кубкам гарбаты выказаць тое, што не было сказана дагэтуль, што не асэнсоўвалася пры імклівай хадзе, што адчувалася, але  не апраналася ў словы. А калі дождж, і на небе  хмары, душа больш аголена і шчырасць льецца з яе. А яшчэ дождж для таго, каб можна было памаўчаць, седзячы  побач перад камінам у крадзеныя гадзіны,  слухаць, як трашчаць дровы, жмурыцца, гледзячы на полымя,  і адчуваць сваё маленькае шчасце ў мокрым і няпэўным свеце... Проста так сядзець і цешыцца любімым водарам, ад якога яшчэ зусім нядаўна  ажывалі матылькі ў жываце. Можна з фужэрам віна ў руцэ, можна з кубачкам кавы. І дыхаць шчасцем. Шчасцем і любоўю. Такая восень. Такім я бачу лістапад.


Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Избавление от иллюзий

Надежда