Вучыцеся гаварыць «НЕ»
–Таццяна
Сяргееўна, наша Марыначка ўзяла адпачынак, а справаздача павінна быць гатова
ўжо ў панядзелак, – з металам у голасе сказаў Мікалай Раманавіч, і Таццяна
зразумела, што канец тыдня правядзе над
чужымі паперамі, а не за генеральнай уборкай, якую планавала з пачатку лета.
– Таня, ты
прыедзеш у нядзелю абарваць агрэст? – камандным тонам запытала суседка, якой
дзяўчына дапамагала вясной на дачы, і Таня, якая ведала, што справаздачу не
скончыць у суботу, стала думаць, як распланаваць час, каб дагадзіць і суседцы, і босу. Званок у дзверы перабіў яе
думкі. У кватэру ўбегла стрыечная сястра з дзецьмі.
–Танечка,
прыглянь за Сашкай і Пашкай. Гоша прыязджае, трэба сустрэць, як падабае! –
зашчабятала яна, нахвальваючы свайго новага кавалера, і неўзабаве выбегла за
дзверы.
Таня
засталася з пляменнікамі, але ні хатняя праца, ні справаздача не
атрымоўваліся, бо шустрыя хлапчукі
патрабавалі самага пільнага догляду. У
нядзелю пад вечар Таццяна вярталася ў горад,
падрапанымі агрэстам рукамі трымала цёплыя далонькі гарэзлівых
пляменнікаў, якія так і рваліся кудысьці пабегчы, і ведала, што яе чакае
бяссонная ноч над чужой справаздачай. Ад гэтых думак штосьці зашчымела ўнутры,
і па ўсім целе разліўся нейкі пякучы боль, трывога і стомленасць. Так праявляла
сябе няўменне сказаць слова “НЕ”…
На жаль, Таццяна не выключэнне. Амаль у кожным
з нас сядзіць нейкая істота, якая часам
не дазваляе сказаць слова “НЕ”, калі гэта так патрэбна. Да нас звяртаюцца за дапамогай, і мы ахвотна
згаджаемся. Нам даюць даручэнні, і мы хуценька бяжым іх выконваць. Нас абавязваюць
рабіць нешта такое, што нам не надта падабаецца, а мы пагаджаемся і, сціснуўшы зубы, ідем выконваць загад, бо не ўмеем сказаць слова
“НЕ”. “Хто вязе, на таго і грузяць!” –
са спачуваннем гавораць пра такіх безадмоўных людзей і грузяць новымі
даручэннямі. А мы цягнем гэты воз, бо не
ўмеем адмовіць прасіцелям і адштурхнуць непатрэбныя загады і запатрабаванні. І
нават калі мы намагаемся выканаць прозьбу як мага лепш, асалоды ад такой працы
чамусьці не адчуваем. Наадварот, на фінішы нас чакаюць стомленасць, маральная пустэча, азлабленне, пачуццё таго,
што мы сталі ахвярамі лёсу. Мы
пачынаем вінаваціць суседзяў, сяброў ці
начальства, што так бессаромна карыстаюцца намі. Але на самай справе вінаватыя
ў гэтым толькі мы, таму што не змаглі своечасова адмовіцца ад непатрэбных
загадаў.
Ведаю, што сказаць
слова «НЕ» часам бывае вельмі цяжка. Мы пачынаем перажываць, што сваёй адмовай
закранем чыесьці пачуцці. Мы баімся здацца
жорсткімі, эгаістычнымі, цяжкімі, упартымі, бо з дзяцінства нас выхоўвалі
ставіцца да людзей са спагадай. Але такое стаўленне да іншых паступова прыводзіць
да сур’ёзнай страты: спачатку мы пазбаўляем сябе права на адмоўны адказ. Потым
выпрацоўваецца «сузалежнасць» ад чужых думак, спраў і інтарэсаў, якая спрыяе
пасіўнасці, безнадзейнасці, бездапаможнасці.
Між тым, гаварыць
«НЕ» — гэта выказваць сваё існаванне, праяўляць
ўласную свабоду і асабістую сілу, сцвярджаць і абараняць свае інтарэсы. Вучыцеся
гаварыць «НЕ». Непатрэбным людзям, нецікавым справам, сумным мерапрыемствам. Вучыцеся
быць выбарчым ва ўсім: нават свае ўласныя справы арганізуйце па прыярытэтах і
шануйце, цаніце свой каштоўны час! Не, я не супраць шчырай сяброўскай дапамогі,
яна мае права на існаванне і павінна быць. Але калі гаворыце “ТАК” іншым,
упэўніцеся, што не гаворыце сабе “НЕ”. Бо пражываючы чужое жыццё, вы адмаўляецеся часам ад уласнага.

Комментарии
Отправить комментарий