Кветкі таксама лаюцца


Перад хатай старога Ігната  разбіты  кветнік.  Ружы, лілеі, вяргіні, макі буйна цвітуць па чарзе,  і кветнік з ранняй вясны і да позняй восені вабіць рознакаляровай прыгажосцю. Ігнаціха  старанна знішчае пустазелле, падварушвае глебу, прыбірае сухое лісце і галлінкі і здаецца наваколлю добрай гаспадыняй. Толькі не ведае яна галоўнага: чароўныя кветкі, нібы яе недарэчныя суседкі,   строяць козні, раўнуюць, зайздросцяць і пляткараць адна на адну, бо нават у шыкоўным кветніку цяжка ўжываюцца паміж сабою розныя па характару асобы.
Галава пярэстай Вяргіні ўвесь час павернута ўбок  Чырвонага Мака, а ён, хоць і  паглядвае на яе так, што ўсім здаецца, быццам іх аб’ядноўвае  нейкая таямніца, але паспявае  нахіляць сваю пунцовую галоўку  да кожнай кветкі, якая расцвітае побач, і шле ёй свой чароўны дурман. “Я адзіная кветка чырвонага колеру, таму ўсё тут будзе так, як хачу я”, – думае Мак, але ўголас гаворыць зусім іншае: скардзіцца, што хутка халады, спачувае, што знешні выгляд кветак сапсуюць замаразкі, дае  парады і вучыць жыць.
 Астра  цягнецца ўгору, каб Вяргіня і Мак заўважылі, якая яна значная, самім зоркам радня. “Калі Мак адцвіце, я застануся адзінай чырвонай кветкай у гэтым кветніку і з маім цвёрдым характарам змагу вытрымаць любыя халады”, – думае яна.
“Марны лёс! Сцябліна  караткаватая! – нібы прачытаўшы думкі Астры, гаворыць сабе  Медуніца. –  Вось я, зграбненькая, прывабненькая, дай бог пасябрую з Макам, адурманю яго сваім мядовым водарам і гора ведаць не буду ўвесь астатні час”.
“Якая яна непрыгожая! І чаму толькі усе пяюць пра яе дзівосны арамат? Галава баліць ад яе мёду. Колькі можна яго тут разліваць?!” – абураецца ў думках Гербера, якая  ні з адной кветкай сяброўства не заводзіць  і ў рот Маку не заглядвае, бо ў сваіх кветкавых фантазіях ужо даўно бачыць сябе ў двары дзядзькі Апанаса, дзе ўздоўж плота красуюцца блакітнавокія званочкі  – пустыя, але надта прывабныя кветкі.
Усе ведаюць, што Дзявочы Вінаград вельмі любіць абнімацца, але цесныя абдымкі яго з Шыпшынай злуюць увесь кветнік. Нават   Лаванда, якая цвіце сама па сабе, нікога не баіцца і ні з кім не цырымоніцца, і тая абураецца, гледзячы на салодкую пару, бо разумее, што гэта не "сардэчныя справы", а “спажывецкія” адносіны – спроба за кошт суседа падняцца як мага вышэй.
–Зусім з глузду з’ехала! – кажа яна Шыпшыне. – Ён паднімецца да нябёсаў і забудзе, як цябе зваць!
–Затое зараз ён мой, і яго ўвага і пяшчота даюць мне сілы і натхненне, – чуе яна ў адказ.
Над кветнікам не стаіць гвалт, не бывае скандалаў і боек, але раптам пачынае падаць і жоўкнуць  лісце на той ці іншай  расліне. То тая, то іншая кветка часам становіцца млявай, яркі колер цямнее, а на лісці з'яўляюцца" маршчынкі", як у бабулек на лбе…
–Навошта ж такія перашкоды? Нам трэба  свет упрыгожваць, а не з пенай каля  рота біцца за месца ў свеце, – намагаецца сказаць кампаньёнам мудрая Незабудка, але яе не чуюць ні ў кветніку, ні ў двары, ні за яго межамі.

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Избавление от иллюзий

Надежда